(+375 17) 288-60-93 (факс)
220123, г. Минск, ул. В. Хоружей, 13/61
smp@arcp.by

Канфліктныя сітуацыі пры рэалізацыі горадабудаўнічых праектаў: чаму ўзнікаюць і як іх разрульваць?

10 кастрычніка ў Беларускім саюзе архітэктараў прайшоў круглы стол на актуальную і вострую тэму "Рэалізацыя права грамадскай супольнасці на ўдзел у прыняцці рашэнняў па развіцці тэрыторый з гістарычнай значнасцю".  Яго арганізавалі Беларуская асацыяцыя студэнтаў архiтэктараў (БАСА), урбанiстычная iнiцыятыва Добры горад / Good city, ICOMOS-Беларусь, часопіс “Городские Тактики” пры актыўным удзеле і садзейнічанні БСА. “РСГ” выслухала меркаванні, прапановы некатрых  экспертаў і членаў БСА.

Адбылася дыскусійная, праблемная размова экспертаў, якія паставілі сваёй мэтай выпрацоўку своеасаблівай “дарожнай мапы”.  Бо не сакрэт, што апошнім часам некаторыя горадабудаўнічыя ініцыятывы і праекты, ініцыянаваныя гарадскімі ўладамі, выклікаюць спрэчкі. А грамадскія абмеркаванні, замест таго, каб садзейнічаць выпрацоўцы найлепшых падыходаў, пераўтвараюцца ў банальныя мітынгі.

Аналізуючы кейсы…

Між тым, адна з важных уласцівасцей спадчыны – наяўнасць патэнцыялу для развіцця горада і супольнасцяў. Здавалася б, праекты новага будаўніцтва ў гістарычных цэнтрах гарадоў мусяць дадаваць ім каштоўнасці, а не змяньшаць яе. Але чаму ў рэальнасці менавіта спадчына становіцца галоўнай ахвярай развіцця? Як зрабіць, каб працавала блізкая да ідэальнай схема?

 Прааналiзаваўшы кейсы, якiя ўзнiкалi апошнiм часам у Беларусі, эксперты прыйшлі да высновы: iснуючыя iнструменты прыняцця рашэнняў не заўседы спрацоўваюць належным чынам. У першую чаргу гэта тычыцца праблем захавання аб’ектаў, вакол якiх няма згуртаванай супольнасцi са зразумелымi ўсiм бакам iнтарэсамi. Адным з інструментаў прыняцця аптымальных рашэнняў, у тым лiку адносна такiх аб’ектаў, бачыцца ўдзел грамадскіх незалежных экспертаў, закліканых бараніць інтарэсы як прафесійных ідэалаў, так і мясцовых супольнасцей.

Патрэбен дзейсны прававы інструментарый

– Аднак тут паўстае праблема суб’ектнасці грамадзянскай супольнасці. Хто ставіць задачу для незалежнай экспертызы? Якім чынам мусіць улічвацца думка экспертаў? Чаму так часта экспертыза выкарыстоўваецца для легітымізацыі пратэста ці кепскіх праектных рашэнняў? Які прававы інструментарый ужо створаны, а які ўсё яшчэ неабходна выпрацоўваць? – на такіх пытаннях завастрыў увагу ўдзельнікаў круглага стала яго мадэратар, старшыня праўлення Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан СТУРЭЙКА. – Сітуацыі апошняга часу, у прыватнасці – з Асмолаўкай, Кастрычніцкай плошчай, Вайсковымі могілкамі ў сталіцы, вымагаюць арганізацыі такога круглага стала. Але гэта толькі пачатак доўгага шляху па пераадоленні канфліктаў, непаразуменняў, магчымых горадабудаўнічых памылак, звязаных з рэалізацыяй праектаў, дзе закранаецца лёс гістарычнай, культурнай спадчыны…

У ходзе “круглага стала” эксперты выказалі шэраг слушных заўваг і прапаноў, сярод якіх – павышэнне інфармаванасці насельніцтва, магчымае спрашчэнне і, наогул, удакладненне некаторых норм заканадаўства. Да прыкладу, прызначэнне тых жа грамадскіх слуханняў бакі, якія ў іх удзельнічаюць,  успрымаюць па-рознаму. Улады і архітэктары ставяць на мэце проста інфармаваць. А людзі чакаюць, што будзе дыялог, заснаваны на абмеркаванні і ўлічванні пазіцый супольнасцей.  На гэты ключавы аспект звярнула ўвагу намеснік старшыні БАСА Ганна АРЛЮК.

Дзе гаспадары?

Было таксама адзначана, што акурат зараз грамадскія ініцыятывы набіраюць моц. Бяруць на сябе адказнасць, акумуліруюць рэсурсы, у тым ліку фінансавыя (спонсарскую дапамогу), валанцёрскі рух, экспертную дапамогу.

– Для большасці людзей важна, што яны бачаць на свае вочы. Але, на жаль, у Беларусі яшчэ вельмі шмат унікальных аб’ектаў, якія не маюць фактычна гаспадара, – лічыць старшыня грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце Беларусі Анатоль БУТЭВІЧ. – Самы свежы прыклад – будынак той жа лякарні на вуліцы Петруся Броўкі. Так, зямля належыць Мінску, а сам будынак – сталічнай вобласці. Але за 14 гадоў невыкарыстання і безгаспадарлівасці, зразумела, адбываюцца не самыя лепшыя працэсы. І грамадскасць маўчала, пакуль не перадалі пабудову новаму гаспадару, які агучыў далейшыя планы па выкарыстанні гэтага кавалка зямлі. На мой погляд, у падобных выпадках не хапае нейкага арганізуючага пачатку. Можа, яшчэ і бракуе інфармацыі, а валанцёрскі рух сканцэнтраваны на асобных аб’ектах.

Каб змяніць стан спраў да лепшага, трэба наяўнасць трох умоў: інфармаванасці, жадання гаспадара аб’екта арганізаваць працу і заканадаўчай базы належнага кшталту, пагадзіліся эксперты.

Прававога нігілізму хапае

– На мой суб’ектыўны погляд, пакуль эфектыўных механізмаў, якія б дазвалялі канструктыўна супрацоўнічаць з грамадскасцю, у нас у рэспубліцы няма. Не хапае інфармавання. А нізкая кампетэнтнасць грамадства вядзе да таго, што чыноўнікі часам, праз нейкія пратакольныя, працэдурныя рэчы праводзяць зусім не тыя рашэнні, што працуюць на захаванне аб’ектаў, нават унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў Рэспублікі Беларусь. Не кажучы ўжо пра спадчыну, якая там не пазначана. Пры гэтым, насамрэч, нацыянальнае заканадаўства можа быць выкарыстана досыць прадуктыўна (як, дарэчы, у выпадку з тым жа будынкам лякарні на вуліцы Петруся Броўкі). Можна ж знайсці такіх інвестараў, якія захаваюць профіль установы і гэтак далей, – упэўнены намеснік старшыні праўлення Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Юрый МЕЛЯШКЕВІЧ.

Прававы нігілізм, імкненне прымаць рашэнні, грунтуючыся не на законах, а на нейкіх палітычных, эканамічных інтарэсах – таксама яшчэ маюць месца ў многіх выпадках. Як з боку патэнцыяльных інвестараў, так і чыноўнікаў. Апошнім – бывае складана выйсці з уласнай “зоны камфорту”, унікнуць, глянуць на сітуацыю з іншага ракурсу.

Упісваць у агульны працэс

На думку намесніка старшыні праўлення БСА Міхаіла ГАУХФЕЛЬДА,  пакуль высілкам спецыялістаў, улад бракуе кансалідацыі. Кожны займаецца сваім аб’ектам, дбае пра яго. Але нейкай агульнай стратэгіі пакуль не выпрацавана. Ёсць, праўда, і ўдалыя прыклады, калі дзейснасць грамадскіх ініцыятыў прыносіць плён. Праўда, па той жа Асмолаўцы пытанне далёка не закрыта – нельга лічыць, што з паляпшэннем эканамічнай сітуацыі гэта месца не стане ўсё ж “ахвярай” на карысць рэалізацыі чарговага інвестпраекта.

– Як архітэктар, бачу шкоду, якую зараз наносяць спадчыне, таму, што зрабілі у тым жа Мінску нашы папярэднікі, дойліды мінулага веку, – выказаў меркаванне Міхаіл Гаухфельд. – Трэба памятаць, што горадабудаўнічыя памылкі – вельмі дорага абыходзяцца. Але не заўсёды можам данесці сваю пазіцыю, каб пазбегнуць выпадкаў кшталту будаўніцтва сумна вядомага гатэлю на праспекце Незалежнасці. Трэба, лічу, умацаваць ўжо дзейсныя грамадскія камісіі, а, магчыма, і стварыць нейкую, больш аўтарытэтную...

Напрыканцы круглага стала галоўны архітэктар УП “Мінскграда” Аляксандр АКЕНЦЬЕЎ прывёў такую лічбу: калі спачатку планавалася, што знос сядзібнай забудовы ў Мінску будзе ажыццяўляцца ў прапорцыі 60 на 40 %, то зараз “Мінскграда” прыняў іншыю формулу – 40 на 60 %. А гэта значыць, грамадскасць дабілася таго, каб меншая частка такой забудовы ішла пад бульдозер. Ёсць сэнс і надалей працаваць у гэтым накірунку: старацца ўдасканальваць саму працэдуру, якасны ўзровень грамадскіх ініцыятыў, больш цесна і прадуктыўна ўпісваць іх у агульны горадабудаўнічы працэс…

Грамадскі актывіст, член ініцыятыўнай групы Андрэй ЭЗЕРЫН падзяліўся  сваім досведам:

– У выпадку з Асмолаўкай менавіта грамадскае абмеркаванне стала магутным каталізатарам, бо за за тыя месяц-паўтара, які былі ў нас, удалося падрыхтаваць шмат дакументаў, прылучыць экспертаў, СМІ, задзейнічаць сацыяльныя сеткі, што дазволіла спыніць рэалізацыю інвестпраекта, які б знішчыў унікальны куток Мінска.

Але, усё ж, ледзь не галоўным аргументам сталі сабраныя 10 тысяч подпісаў супраць – гэта прывяло да таго, што гарадскія ўлады адклалі свае намеры. Што далей? Не зусім зразумела, але ўкладзены сродкі, ідуць рамонты ў Асмалоўцы – шанец  захаваць асяродак спадчыны ёсць.

– Зараз, пры падрыхтоўцы да II Еўрапейских гульняў, на жаль, знішчаюцца унікальныя агароджы, да прыкладу – вакол СШ №21, а яны ж – частка гарадской атмасферы. Таксама пайшла новая мода – абкладваць бесерам старыя агароджы, што нас, грамадскіх актывістаў, вельмі хвалюе. Ужо падрыхтавалі адпаведнае пісьмо ў Адміністрацыю і камунальнікам Цэнтральнага раёна, спадзяемся, што нас пачуюць, –  паведаміў Андрэй Эзерын.   

Пункт гледжання экспертаў і аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

  Іна ГАРМЕЛЬ, фота Паўла ГЕРАСІМЧЫКА

Комментариев еще нет.

Оставить комментарий